АРКТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА,
на Пн Аляскі, у ЗША. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 150 км. Выш. каля 200 м. Складзена з марскіх алювіяльных адкладаў. Паверхня плоская, слаба расчлянёная далінамі. Характэрны поліганальныя грунты, маразабойнатрэшчынаватая шматгадовая мерзлата, гідралакаліты (узгоркі-пінга). Шматлікія лагунныя і тэрмакарставыя азёры і непраходныя балоты. Клімат субарктычны. Расліннасць мохава-лішайнікавая, па далінах рэк вярбовыя хмызнякі і асакова-разнатраўныя лугі. Радовішчы нафты і прыроднага газу (зал. Прадха). Рэдкія паселішчы эскімосаў.
т. 1, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)